Часовая забарона на ўезд працягнута

27 снеж 2021

Урад Швецыi працягвае часовую забарону на ўезд у краіну для іншаземцаў у рамках барацьбы з распаўсюдам новай каронавіруснай інфекцыі да 31 студзеня 2022 года.

Абмежаванне датычыцца тых, хто ўязджае ў Швецыю з краін па-за межамі ЕС, ЕЭЗ, i Швейцарыі.

З 28 снежня 2021 года грамадзяне замежных краін, старэйшыя за 12 гадоў, незалежна ад таго, з якой краіны яны едуць у Швецыю, павiнны прад'явіць адмоўны тэст на інфекцыю COVID-19, зроблены не болей за 48 гадзін да перасячэння мяжы. Гэта можа быць тэст ПЛР/НААТ (тэст на ампліфікацыю нуклеінавых кіслот) або тэст на антыгены. Больш iнфармацыi на старонцы Шведскага агенцтва аховы здароўя (на шведскай мове)

Сертыфікаты вакцынацыi або выздараўлення больш нельга выкарыстоўваць замест адмоўнага тэсту.

Варта мець на ўвазе, што наяўнасць адмоўнага тэсту не дае права на ўезд у Швецыю без падстаў, прадугледжаных выключэннямі з часовага абмежавання на ўезд. Выключэнні з часовага абмежавання*:

  • грамадзяне Швецыі;
  • грамадзяне ЕЭЗ альбо Андоры, Ватыкана, Сан-Марына, Манака і Швейцарыі;
  • асобы са статусам пастаяннага рэзідэнта ў Швецыі альбо ў іншай краіне ЕС;
  • асобы з відам на жыхарства ў Швецыі альбо ў іншай краіне ЕЭЗ (уключаючы Андору, Ватыкан, Сан-Марына і Манака);
  • уладальнікі нацыянальнай візы D у Швецыі альбо нацыянальнай візы на знаходжанне больш за 3 месяцы ў іншай краіне ЕЭЗ (уключаючы Андору, Ватыкан, Сан-Марына і Манака і Швейцарыю);
  • асобы, якія могуць даказаць цесныя сямейныя сувязі (у тым ліку жонка/муж, грамадзянскiя жонка/муж, партнёры, дзецi да 18 гадоў) з грамадзянамi Швецыі, грамадзянамi ЕЭЗ або з iншаземцамi, якія маюць від на жыхарства, статус на жыхарства або нацыянальную (D) візу ў Швецыі ці краіне ЕЭЗ.

Выключэнне таксама можа быць зроблена для асоб у асобых абставінах альбо выконваючых неабходныя функцыі ў Швецыі. Гэта могуць быць*:

- медыцынскія работнікі, навукоўцы і даследчыкі ў галіне аховы здароўя, супрацоўнікі службаў па дагляду за пажылымі;

- персанал, які працуе з перавозкай тавараў i грузаў і іншы персанал у транспартным сектары;

- транзітныя авіяпасажыры, г.зн. пасажыры, якія змяняюць рэйсы і застаюцца ў зоне міжнароднага транзіту аэрапорта, не праходзячы пашпартны або мытны кантроль Швецыі;

- маракі, якія працуюць у транспартнай галіне або на круізных судах;

- асобы, якія едуць у Швецыю з мэтай навучання;

- супрацоўнікі міжнародных арганізацый або запрошаныя імі для ажыццяўлення неабходнай для арганізацыі дзейнасці, вайскоўцы, супрацоўнікі арганізацый гуманітарнай дапамогі або грамадзянскай абароны;

- асобы, якім неабходна ўехаць у Швецыю ў сувязі з неадкладнымі сямейнымі абставінамі;

- супрацоўнікі памежных службаў;

- працаўнікі ў сельскай, лясной і садаводчай галінах або занятыя ў вытворчасці прадуктаў харчавання, калі яны дакажуць мэту паездкі; 

- асобы, якія збiраюцца ўдзельнічаць або выконваць неабходныя задачы ў міжнародных спаборніцтвах па элітным спорце або ў іншых падобных элітных спаборніцтвах;    

- высокакваліфікаваныя работнікі, чыю працу нельга адкласці або выканаць на адлегласці, у т.л. дыпламаты і консульскія службоўцы, працаўнiкi замежных дзяржаў, якім неабходна прыехаць на працу ў Швецыю;

- асобы, запрошаныя дзяржаўнымі ўстановамі. 

* Рашэнне па абмежаванні ўезду ў кожным асобным выпадку прымаецца паліцыяй Швецыі, адказнай за памежны кантроль. Калі ў вас ёсць пытанні па перасячэнні мяжы ў вашым канкрэтным выпадку, вам трэба звязацца з паліцыяй па тэлефоне +46771141400.

Больш падрабязная інфармацыя і адказы на пытанні на сайце Урада Швецыі 

Паездкі ў Швецыю падчас пандэміі covid-19